Не проста ў словы я гуляю, на роднай мове размаўляю…
Першага верасня 2016 года ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярдняя школа №34 г. Магілёва” быў адкрыты другі па ліку ў горадзе першы клас з беларускай мовай навучання.
Першакласніцамі сталі дзве дзяўчынкі. З першага ўрока пачалося школьнае жыццё маленькіх вучаніц. У другім паўгоддзі далучылася яшчэ адна дзяўчынка, затым яшчэ адна. У 2017/2018 навучальным годзе працягваецца навучанне вучаніц на беларускай мове. Цяпер у 2 “Г” класе навучаецца чатыры вучаніцы. Дзяўчынкі сябруюць паміж сабой, дапамагаюць адна адной, упэўнена ўзнімаюцца па прыступках ведаў. Аб гэтым клапоціцца Лідзія Пятроўна Ціханоўская, вопытны педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Лідзія Пятроўна стараецца навучанне другакласнікаў зрабіць цікавым і займальным, стварыць умовы, каб вучаніцы адчувалі радасць школьнага жыцця. Шмат мерапрыемстваў праводзіцца дзеля гэтага.
У кожнага чалавека ёсць свая родная мова. Для сапраўднага беларуса- яна беларуская. Вось і маленькія вучаніцы працягваюць вучыцца размаўляць, гуляць, спяваць і разважаць па-беларуску. Яны заўсёды пазiтыўныя, з добрым настроем, уважлівыя і шчаслівыя! Добра сябруюць з дзяўчынкамі вучні іншых класаў, радасна бавяць вольны час, разам наведваюць факультатыўныя заняткі ”Роднае слова”.
Актыўныя, знаходлівыя, добразычлівыя вучаніцы заўсёды ў цэнтры ўвагі на ўсіх пазакласных і пазашкольных мерапрыемствах.
Мы спадзяемся, што і далей у нашай школе будуць працаваць беларускамоўныя класы. Сардэчна запрашаем у нашу школу!
Звяртаем увагу, што ў 2018/2019 навучальным годзе працягне працаваць 3 клас, навучанне ў якім будзе ажыццяўляцца на беларускай мове.
Па пытаннях навучання дзяцей на беларускай мове з 1 класа, а таксама ў 3 класе, звяртацца па тэлефонах: 24-50-15, 24-52-61.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
дзяржаўнай установы адукацыі
“Сярэдняя школа №34 г. Магілева” С.І. Марушэнка